| Andrej Wojsłaŭ Mikałajeŭ-Paszkiewicz (Wojsza) ( @ 2007-07-02 10:50:00 |
| Entry tags: | belarus, bunt, internet, personal |
За найпрыгажэйшае ў сьвеце!
Часьцяком пішу ў сеціве, аб чым бракуе сёнешняя, істай акупацыйная, сістэма дзяржавы, бью па ейным месцам болю, навет калі яна таго ня надта й адчувае. Гэта, зрэшты, не азначае, ‘бы тутка “дрэнна” на Беларусі, ці “добра” (паняцьці, прынамсі, надта-ж расплывістыя). Тым больш не азначае гэта ў мяне, ‘бы дзесьці ў Расеі (ці ў Польшчы, Летуве, Канадзе) – лепш, чымся ў Беларусі. Душою – ліцьвін-беларус я. На Беларусі – лепш за ўсё мне, сугодна вызначэньню й прызначэньню. Якімі б ні былі ўлады, ці самаўладзьдзі, ці безуладзьдзе. Навет калі, сугодна аб'ектыўных крытэраў, у Расеі, Польшчы, Летуве, Канадзе становішча ё “лепшым за наска”...
Не выбіраю, ні дзе пражыць мне свае дні, ані дажыць дзе свае ночы. Не выбіраю, ці-то дзе “лепш”, ці-то дзе “горш”. Тутка – зямля мая. Тутка – мая Радзіма. На гэту зямлю ставалі мае ногі, пад гэтым небам ізьлягу, 'прастаўшы рукі, калісь. Іншага – ня дадзена мне. Дакладней, іншага – ня можа быць, навет калі быць такое й можа...
Рахманае сталасьці, лагоднае старасьці – не шукаю...
Хоць жыцьцё не адно ў мяне ё, навет гэтае, што йдзе, пражыць жадаю так, каб на боскай пасьцелі пакутна балюча не было праз пралайдачаны век, каб ганьба не пякла празь нізкародную, дробязную мінуўшчыну, каб за апошнім уздыхам сьведама ўпэўнены быў: жыцьцё ўсё і ўся моц адданыя былі найпрыгажэйшаму ў сьвеце – змаганьню за свабоду, барацьбе за вольнае чалавецтва!
X-posted: Блёґ Позірк