Дапісаў на форум памежнікаў, пабеларуску... :)
Як чуўшы ўпершыню песьню "Праўды сьвятло", сьлёзы цяклі мімаволі...
Выклаўшы раней песьню ў сеціва, сяньня-ж выкладваю вершы, што зьняў быў на слых.
На сымбалічнае 70-годзьдзе ад року 37-га...
Праўды сьвятло
Хтось ад страху канаў, хтосьці так існаваў, хтосьці гінуў,
Хтосьці нёс праз рэпрэсыі праўды сьвятло,
Хтосьці ўсмак гандляваў шматпакутнай Радзімай-краінай -
Не сваёй, а маёй, бо сваёй у яго не было.
Ён згубіў яе там, дзе магілы бязьвінных паўсталі -
Дзеля сытых сталоў, дзеля новых чыноў і пасад -
Дзе пасеяў ману і бяспамяцтва вылюдак Сталін,
Дзе два крокі наперад былі, як чатыры назад.
Я - зьнявечаных раб, сын забітых і брат катаваных,
Я гітару сваю, як мішэнь, пад прыцэлам нашу.
Нашы душы ў вагні, нашы душы навечна у ранах,
На алтар Беларусі прыносім мы нашу душу.
Тут сьмяротныя ўсе, я таксама памерці баюся,
Не аддаўшы сябе да канца, не згарэўшы ярчэй.
Вось разыдуцца хмары, хоць крыху, над Белаю Русьсю -
І тады ўжо нічога, тады і загінуць лягчэй.
Можа рана пра сьмерць, можа я дзеля сьмерці зялёны,
Толькі вучыць мінулае тых, хто туды зазірнуў:
Аднагодкаў маіх - не дзесяткі, ня сотні - мільёны
Дол халодны забраў назаўжды, і імён не вярнуў.
Хтось ад страху канаў, хтосьці так існаваў, хтосьці гінуў,
Хтосьці нёс праз рэпрэсыі праўды сьвятло,
Хтосьці ўсмак гандляваў шматпакутнай Радзімай-краінай -
Не сваёй, а маёй, бо сваёй у яго не было.
Бо сваёй не было...
© Сяржук Сокалаў-Воюш