У эфіры — Хрыстос
7 верасня 2014-га года, дзякуючы высілкам тутэйшых каталікоў (асаблівая падзяка а. Аляксандру Уласу OFMConv, які да нядаўняга часу быў мясцовым пробашчам, і пану Віталю Палінеўскаму, які ўвесь гэты час стаіць на хорах са здымачом і кампутарам), распачаўся «другі сезон» інтэрнэт-трансляцый Святой Імшы (рэґулярная відэё-перадача, першая і адзіная на беларускай мове ў свеце, адбываецца ад 17 лістапада 2013-га) з менскай рыма-каталіцкай парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ (вул. Матусевіча 80). Тых, хто па сур’ёзных прычынах (хвароба, камандыроўка і г.д.) ня можа прыйсці да царквы дзеля Ахвяры і Падзячнай малітвы, а роўна ж тых, хто жадае атрымаці пэўнае ўяўленне аб Боскай Літургіі ў Рыма-Каталіцкай Царкве, запрашаем у кожную нядзелю а 12-й гадзіне да вашых кампутарных манітораў — да ў пэўнай меры прысутнасці на ўрачыстай нядзельнай Святой Імшы (Суме) ува ўтульнай драўлянай каплічцы.
«Навошта гэна ўсё? Хто жадае — пойдзе ў царкву, пагатоў для кожнага хрысцяніна яшчэ з пачаткаў Хрысцянства існуе абавязак асабістага ўдзелу ў нядзельнай Эўхарыстыі», — усё гэта праўда, але часам абставіны складаюцца такім чынам, што чалавек чамусьці ня можа патрапіць у пэўны час да царквы, але мае магчымасць прынамсі дабрацца да інтэрнэту. Імша і духоўная камунія online ніяк не замяняюць безпасярэдняй прысутнасці ў Божым храме, але, безумоўна, гэна лепей, чым нічога, а плёны адлеглага online-удзелу ў Літургіі і набажэнствах (як і ўдзелу безпасярэдняга, дарэчы, таксама) вядомыя толькі Богу. Акрамя ўсяго іншага, гэткія рэґулярныя трансляцыі выяўляюцца карыснымі ў справе асветы і новай евангелізацыі люду добрай волі і хрысцянаў, якія з нейкіх прычынаў былі занядбалі рэґулярную практыку сваёй веры.
Працытую Апостальскі ліст «Dies Domini» Святога Айца Яна Паўла ІI аб святкаванні нядзелі: «Нядзеля – гэта Пасха тыдня, якая нагадвае і выяўляе дзень уваскрасення Хрыста, гэта таксама дзень, які адкрывае значэнне часу. (…) Вернікі, якія па прычыне хваробы, інваліднасці або па іншай сур’ёзнай прычыне не могуць прымаць удзел у Эўхарыстыі, павінны пастарацца як мага паўней удзельнічаць, хоць і на адлегласці, у цэлебрацыі нядзельнай Імшы, найлепш праз імшальныя чытанні і малітвы, прызначаныя на гэты дзень, а таксама праз абуджэнне ў сабе прагі Эўхарыстыі. У многіх краінах радыё і тэлебачанне даюць магчымасць далучыцца да цэлебрацыі Эўхарыстыі ў той самы час, калі яна адбываецца ў святых месцах.
Зразумела, што гэтыя трансляцыі самі па сабе не дазваляюць споўніць нядзельны абавязак, бо для гэтага неабходны ўдзел у сходзе братоў, якія сустракаюцца ў пэўным месцы, што стварае магчымасць для эўхарыстычнай камуніі. Аднак для тых, хто па розных прычынах не можа ўдзельнічаць у Эўхарыстыі і хто такім чынам вызваляецца ад нядзельнага абавязку, радыё і тэлебачанне — гэта каштоўная дапамога, асабліва, калі з ёй спалучана шчодрая паслуга надзвычайных распарадчыкаў Эўхарыстыі, якія прыносяць яе хворым, а разам з ёй прыносяць таксама прывітанне і салідарнасць усёй супольнасці. Нядзельная Імша, такім чынам, дае багатыя плёны і гэтым хрысціянам. Яны таксама атрымліваюць магчымасць перажыць нядзелю як сапраўдны “дзень Пана” і “дзень Касцёла”».
Нядзельныя трансляцыі сузірайма тут:
http://catholic.by/2/media/live-video.html
http://jan.by
Далучаймася да нашае падзеі на Facebook:
https://www.facebook.com/events/1478970382359347/
Канешне-ж, запрашаем вас ад кампутарнага стала да Стала Эўхарыстычнага — ў рэяльнай царкве — ў нядзелю і ў любы іншы дзень Божага года. Заставайцеся пры Пачэсным і Жыццядайным Крыжы з Ісусам Хрыстом і Дзеваю Марыяй — ля экрану, на двары і пры алтары — бо як пісаў святы славянскі Папа ў вышэйназваным Апостальскім лісце: «Марыя, ніякім чынам не змяншаючы цэнтральнай ролі Хрыста і Яго Духа, прысутнічае ў кожнай нядзелі Касцёла. (…) Калі вернікі слухаюць слова пропаведзі падчас нядзельнага сходу, яны ўглядаюцца ў Дзеву Марыю і вучацца ад Яе захоўваць яго і разважаць над ім у сваіх сэрцах (пар. Лк 2, 19).
З Марыяй яны вучацца стаяць каля падножжа крыжа, прыносячы Айцу ахвяру Хрыста і далучаючы да яе ахвяру свайго жыцця. З Марыяй яны перажываюць радасць уваскрасення, выказваючы свае ўласныя пачуцці словамі гімна Magnifiсat, які апявае невычэрпны дар Божай міласэрнаці ў бясконцай плыні часу. (…) Нядзелю за нядзеляй пілігрымуючы народ ідзе следам за Марыяй, і дзякуючы Яе матчынаму заступніцтву малітва Касцёла да Найсвяцейшай Троіцы становіцца асабліва гарачай і плённай». Найсвяцейшая Багародзіца Дзева Марыя, Яе ўсынаўлённы святы Евангеліста Ян і ўлюбёны Яе святы Мучанік Максімільян чакаюць Вас пад Крыжам Госпада нашага штонядзелі апоўдні. Перадайце ім і ад нас знак супакою.
Андрэй Людвік Мікалаеў OPs, г. Менск,
грэка-каталіцкая парафія Святога Міколы Цудатворцы