Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza) (nicolaev) wrote,
Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza)
nicolaev

APOSTOLICAM ACTUOSITATEM

Дакументы Другога Ватыканскага Сабору
ДЭКРЭТ ПРА АПОСТАЛЬСТВА СВЕЦКІХ
«APOSTOLICAM ACTUOSITATEM»

…Апостальская дзейнасць свецкіх, якая вынікае з іхняга хрысціянскага паклікання, заўсёды павінна ажыццяўляцца ў Касцёле. Наколькі дабравольнай і плённай была такая дзейнасць у раннім Касцёле, выразна сведчыць Святое Пісанне (пар. Дз 11, 19-21; 18, 26; Рым 16, 1-16; Флп 4, 3). Але і наш час чакае ад свецкіх людзей не меншай адданасці. Больш за тое, сённяшнія ўмовы патрабуюць ад іх больш інтэнсіўнага i шырэйшага апостальства… Касцёл без супрацоўніцтва свецкіх амаль перастаў бы існаваць і дзейнічаць. Сведчаннем такой разнастайнай і вялікай неабходнасці з’яўляецца бачнае дзеянне Духа Святога, які сёння дапамагае свецкім усё больш усвядоміць сваю адказнасць i пабуджае іх усюды да служэння Хрысту і Касцёлу…

Як ніводная частка жывога цела не бывае абсалютна пасіўнай, але ўдзельнічае ў жыцці цела і ў яго дзейнасці, так і ў целе Хрыста, якім ёсць Касцёл, усё цела «ў меру дзеяння кожнай асобнай часткі, атрымлівае ўзрастанне» (Эф 4, 16)… У Касцёле пры адзінстве місіі існуе разнастайнасць паслуг. Апосталам і іх наступнікам Хрыстус даручыў абавязак навучання, асвячэння i кіравання ад Яго імя і паводле Яго моцы. Аднак і свецкія, стаўшы ўдзельнікамі святарскай, прароцкай і каралеўскай функцыі Хрыста, здзяйсняюць у Касцёле i ў свеце сваю частку місіі ўсяго Божага народу…

Паколькі характэрнай рысай, уласцівай стану свецкіх, з’яўляецца жыццё ў свеце i сярод зямных спраў, Бог кліча свецкіх споўніць сваё апостальства ў свеце з жывым хрысціянскім духам, падобна рошчыне… Абавязак i права здзяйсняць апостальства свецкія атрымліваюць на падставе свайго з’яднання з Хрыстом Галавой…

Сужэнства і сям’я, бясшлюбнасць або ўдаўство, хвароба, прафесійная і грамадская дзейнасць павінны вызначаць своеасаблівыя рысы духоўнасці свецкіх. Таму свецкія павінны няспынна развіваць якасці і таленты, якія адпавядаюць умовам іх жыцця, i выкарыстоўваць асабістыя дары, прынятыя ад Духа Святога. Акрамя гэтага, свецкія, якія, ідучы за сваім пакліканнем, уступілі ў пэўны інстытут або ў нейкае таварыства, зацверджаныя Касцёлам, павінны таксама імкнуцца пазнаць асаблівасці духоўнага жыцця, уласцівыя дадзенаму інстытуту або таварыству… Дасканалым прыкладам такога духоўнага і апостальскага жыцця з’яўляецца Найсвяцейшая Дзева Марыя, Каралева Апосталаў, якая падчас зямнога жыцця, падобнага да іншых, поўнага сямейных клопатаў і прац, заўсёды трывала ў цеснай еднасці са сваім Сынам i асаблівым чынам саўдзельнічала ў справе Збаўцы. Цяпер, узятая ў неба, «дзякуючы сваёй мацярынскай любові Яна апякуецца братамі свайго Сына, якія яшчэ пілігрымуюць і знаходзяцца сярод небяспек i цярпенняў, пакуль не будуць даведзеныя да шчаслівай айчыны». Няхай усе з вялікай пабожнасцю ўшаноўваюць Яе i даручаюць Яе мацярынскай апецы сваё жыццё і апостальства…

Свецкі чалавек, будучы адначасова вызнаўцам веры i грамадзянінам, павінен у абодвух парадках заўсёды кіравацца толькі адным хрысціянскім сумленнем…

Існуюць шматлікія магчымасці для свецкіх, каб здзяйсняць апостальства евангелізацыі і асвячэння. Сам прыклад хрысціянскага жыцця i добрыя ўчынкі, здзейсненыя ў звышпрыродным духу, прыцягваюць людзей да веры і да Бога, бо Пан кажа: «Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах» (Mц 5, 16). Аднак такога тыпу апостальства не заключаецца толькі ў сведчанні жыцця. Сапраўдны апостал шукае магчымасці таксама словам абвяшчаць Хрыста як няверуючым, каб прывесці іх да веры, так і веруючым, каб іх навучыць, умацаваць i заахвоціць да больш адданага жыцця…

Паколькі ў наш час узнікаюць новыя пытанні i празмерна распаўсюджваюцца небяспечныя памылкі, што імкнуцца цалкам знішчыць рэлігію, маральны парадак i само чалавечае грамадства, гэты Святы Сабор горача заахвочвае свецкіх па меры сваіх здольнасцяў i ведаў, згодна з думкай Касцёла, з вялікай стараннасцю ўдзельнічаць у тлумачэнні, абароне i адпаведным дастасаванні хрысціянскіх прынцыпаў пры вырашэнні праблем цяперашняй эпохі… Свецкія павінны распачаць аднову зямнога парадку як уласцівае ім заданне, i здзейсніць яе непасрэдна i рашуча, кіруючыся святлом Евангелля, духам Касцёла і адчуваючы наказ хрысціянскай любові. Будучы грамадзянамі, яны павінны супрацоўнічаць з суграмадзянамі, выкарыстоўваючы свой асаблівы вопыт i прымаючы на сябе адказнасць, усюды і ва ўсім шукаючы справядлівасці Божага Валадарства. Парадак зямных спраў трэба аднавіць так, каб не парушыць уласцівых яму законаў і ўзгадніць яго з найвышэйшымі нормамі хрысціянскага жыцця, каб дастасаваць да розных умоў месца, часу і народаў. Сярод спраў такога апостальства на першым месцы знаходзіцца грамадская дзейнасць хрысціянаў. Святы Сабор хоча, каб сёння яна ахоплівала ўсе зямныя справы, а таксама культуру…

Касцёл асабліва цэніць міласэрнаць да ўбогіх i хворых, а таксама справы дабрачыннасці i ўзаемадапамогі дзеля задавальнення розных чалавечых патрэб… Таму няхай свецкія высока цэняць i па меры магчымасці падтрымліваюць справы міласэрнасці і сацыяльную дапамогу — прыватную, ці публічную, a таксама міжнародную, якая плённа падтрымлівае адзінкі і народы, што знаходзяцца ў патрэбе, праз супрацоўніцтва з усімі людзьмі добрай волі…

Вялікае поле для апостальскай дзейнасці адкрываецца на нацыянальным і міжнародным узроўні, дзе галоўным чынам свецкія з’яўляюцца слугамі хрысціянскай мудрасці. Любячы свой народ i верна выконваючы грамадзянскі доўг, католікі павінны адчуваць свой абавязак падтрымліваць сапраўднае агульнае дабро і сваімі суджэннямі ўплываць на тое, каб грамадзянская ўлада ажыццяўлялася справядліва, a законы адпавядалі патрабаванням маральных прынцыпаў і агульнаму дабру. Католікі, кампетэнтныя ў дзяржаўных справах і належна ўмацаваныя ў веры і хрысціянскім вучэнні, не павінны ўхіляцца ад грамадскай дзейнасці, бо праз яе годнае выкананне яны могуць прычыніцца да агульнага дабра i разам з тым адкрыць шлях для Евангелля.

Католікі павінны імкнуцца супрацоўнічаць з усімі людзьмі добрай волі ў падтрымцы ўсяго, што праўдзівае, справядлівае, святое, годнае любові (пар. Флп 4, 8). Павінны весці з імі дыялог, апярэджваць іх у разважлівасці і далікатнасці, даследаваць спосабы ўдасканалення грамадскага і дзяржаўнага ладу ў духу Евангелля…

Існуюць разнастайныя апостальскія аб’яднанні… Сярод такіх аб’яднанняў трэба адзначыць найперш тыя, якія ўсхваляюць і ставяць на першае месца цеснае з’яднанне практычнага жыцця сваіх членаў з іх верай. Гэтыя аб’яднанні не з’яўляюцца самамэтай, але павінны садзейнічаць выкананню місіі Касцёла ў свеце… Захоўваючы адпаведныя адносіны з касцёльнымі ўладамі, свецкія маюць права асноўваць аб’яднанні, кіраваць імі i ўступаць ва ўжо існуючыя…

a) Непасрэднай мэтай такіх арганізацый з’яўляецца апостальская мэта Касцёла, г.зн. імкненне да евангелізацыі i асвячэння людзей, а таксама да хрысціянскага фарміравання іх сумлення, каб такім чынам напоўніць евангельскім духам розныя супольнасці і сацыяльныя сферы.

б) Свецкія, супрацоўнічаючы адпаведным чынам з іерархіяй, дзеляцца сваім вопытам i прымаюць адказнасць за кіраўніцтва гэтымі арганізацыямі, за распазнаванне ўмоў, у якіх павінна весціся пастырская дзейнасць Касцёла, а таксама за планаванне i рэалізацыю праграмы дзейнасці.

в) Свецкія дзейнічаюць сумесна па прыкладзе арганічнага цела, каб такім чынам больш выразна падкрэсліць касцёльную супольнасць i павялічыць плён апостальства.

г) Свецкія, калі самі прапануюць свае паслугі ці калі іх запрашаюць да дзейнасці i непасрэднага супрацоўніцтва ў іерархічным апостальстве, дзейнічаюць пад вышэйшым кіраўніцтвам самой іерархіі, якая можа нават зацвердзіць гэтае супрацоўніцтва праз выразнае ўдзяленне ім мандату.

Святы Сабор настойліва рэкамендуе падтрымліваць гэтыя ўстановы, бо яны, несумненна, адпавядаюць апостальскім патрэбам Касцёла ў многіх краінах. Сабор заахвочвае святароў i свецкіх, якія супрацоўнічаюць у іх, больш эфектыўна ажыццяўляць вышэй пералічаныя характэрныя рысы i заўсёды па-братэрску супрацоўнічаць з усімі іншымі формамі апостальства ў Касцёле…

Усё, што абвешчана ў гэтым Дэкрэце — у цэлым і паасобку — ухвалена Айцамі Святога Сабору. Апостальскай уладай, дадзенай Нам Хрыстом, Мы разам з Дастойнымі Айцамі ў Духу Святым зацвярджаем, прымаем, пастанаўляем і загадваем абнародаваць гэтыя саборныя пастановы дзеля Божай хвалы.

Рым, у св. Пятра, 18 лістапада 1965 г.

Tags: belarus, internet, legio, military, personal
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 0 comments