Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza) (nicolaev) wrote,
Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza)
nicolaev

Адкрыты ліст да вернікаў Свабоды й Новага Жыцьця

Гэтым адкрытым лістом я зьвяртаюся да вернікаў “Новага Жыцьця”, а таксама да вернікаў Свабоды.

Прашу кіроўцаў акцыі “Пост-галадоўка” зьвярнуць больш сваёй увагі да артыкулу “У Новым жыцьці ўсё па-старому”! Прабачце за праўду, але я мушу не хаваць ад вас рэчаіснасьць. Яшчэ раней былі першыя ластаўкі на тое, што вернікі занадта настойлива просяць сваёх візытоўцаў здымаць значкі “За Свабоду!”. Але гэты крык роспачы пасьля суботняга мітынгу грымнуў ня толькі на “Жывым Часопісу”, але й на “Нашай Ніве”. Я лічу, што “барацьба” супраць значкаў адштурхнула ад вернікаў даволі вялікую колькасьць актыўных маладых людзей, якія так ці йнакш падтрымлівалі акцыю, ці проста былі лаяльныя да яе. Паверце, шмат каму на Беларусі значак “За Свабоду!” ёсьць накшталт сымбаля Веры – веры ў свабоду, незалежнасьць, адраджэньне. Адраджэньне веры, надзеі, любові. Адраджэньне свабоды й годнасьці для кожнага. Гэта я, чалавек дарослы, магу схаваць значак, калі ягоная наяўнасьць паграджае не асабіста мне, а іншым людзям. Маладзейшы ж за мяне патрыёт успрымае прымус да здыманьня значака падобна на гвалт над Радзімай, над годнасьцю сваёй і народа.

Уявіце сабе такое: нейкі чалавек бултыхаецца ў возеры й крычыць: “Дапамажыце, людзі! Божа, ратуй мяне!”. Хрысьціянін у трусах і з крыжыкам на шыі самааддана кідаецца ў ваду. Калі ён ужо быў даплыў да бултыханца, той кажа яму: “Схавай крыжык у трусы, бо тут возера, а не царква, і ўвогуле, я захоўваю нэўтралітэт паміж рэліґіяй і атэізмам”. Сытуацыя падаецца сьмешнаю, але нараджае зьменьшага дзьве высновы. Папершае, хрысьціянін хутчэй памрэ за веру, чым здыме крыжык, а прапанова зьняць крыжык яму мусібыць амаль што абразаю. Падругое, ці сапраўды патрэбная дапамога бултыханцу, калі ён, выяўна кажучы, “глядзіць падаранаму каню на зубы”, а не з падзякай прымае ад Бога сваё выратаваньне. Мы ж з вамі – за свабоду веравызнаньня, а вера людзей у свабоду і ў Беларусь падобна да рэліґійнае веры. Іхныя сымбалі веры маюць такую ж каштоўнасьць для іх, як сымбалі іншых веравызнаньняў для іншых вернікаў. Ці жадаем мы, каб нашыя госьці, нашыя мажлівыя дапаможцы й магчымыя ратавальнікі надалей праплывалі недзе побач, але нават не зьвярталі ўвагі на нашу агонію?

Хрысьціяне “Новага Жыцьця” часьцяком кажуць, што шмат вернікаў з усяго сьвету падтрымліваюць акцыю пратэсту. І жыхары Сухарава даслалі тэлеґраму, і некалькі БРСМ-аўцаў ахвяравалі грошы, і праваслаўны люд кажа: “Мы з вамі…”. Але ж колькі дзесяткаў прыхільнікаў Вольнае Беларусі прыходзілі й прыходзяць у царкву, каб падтрымаць вас, сотні прыйшлі суботнім вечарам на плошчу Банґалёр. Я разумею, пісаць аб гэтым для вас небяспечна. Але ж – ня трэба пісаць пра гэтае, проста – не перашкаджайце тым, каго да вас паклікаў Бог і іхнае сэрца, каб зрабіць штосьці для вас, для Беларусі ўвогуле. Не цурайцеся іх і іхных перакананьняў. Як яны не цураюцца вас – тых, каго хтосьці намагаецца абразіць і паказаць навакольным, як сектантаў, якія п’юць дзіцячую кроў. Тыя людзі, што імкнуцца абараніць вас, прыхільнікі ідэі свабоды, – не “апазыцыя”. Дапамогу афіцыйнае апазыцыі вы ўжо забачылі. Тут простыя людзі, але гэта актыўная частка грамадзтва – тыя, каму яшчэ ці ўжо не ўсё роўна. На Беларусі вы пакуль што маеце магчымасьць абапярэцца толькі на Бога, на іх ды на сваёх сяброў-вернікаў. Больш ніхто не працягне рукі, каб дапамагчы вам, – свая кашуля бліжэй да цела. Ці верыць уладам? Зь імі трэба размаўляць, але давяраць ім – не давяраю.

Я не клапачуся аб тым, ці падтрымаюць калісьці вернікі “Новага Жыцьця” тых, хто сёньня падтрымаў іх. Яны – не ад сьвету сяго, а мая справа – ў гэтым сьвеце. Я не купец: вы дайце мне, я дам вам. Я раблю справу для Бога, для Беларусі, для сваёх бліжэйшых і, зразумела, для сабе. Я раблю тое, што мусіць рабіць вой, абаронца, чалавек, беларус, грамадзянін, мужчына ўрэшце. Калі не я, то хто пакладзе каменьні, будуючы Храм нашае Волі. І калі нават вернікі калісьці не падтрымаюць маю барацьбу – то іхная асабістая воля, за якую я й змагаюся. Покліч “Za volnasć našu i vašu” яшчэ ніхто не адмяняў. Паўстануць поплеч іншыя змагары – дзякуючы таму, што ўчора я й хтосьці яшчэ паклалі крайвугольныя каменьні Храма Волі, Храма Свабоды.

Таму, што б там не здарылася пасьля, усіх вернікаў і змагароў Свабоды я прашу не адварочвацца ад галадуючых пратэстантаў. А пратэстантаў прашу не адварочвацца ад тых, хто спрабуе ім дапамагчы; памятаць, што на нашае Беларусі ёсьць яшчэ шмат галадоўнікаў за свае перакананьні, вязьняў сумленьня. Калі хтосьці ня можа ўголас паўстаць на іхную абарону, проста маліцеся за іх, і за тых, хто паўстаў за нашу родную Беларусь!

Спадзяюся, вы, спадарства, паразважаеце аб гэтым. Спадзяюся, вы не пакрыўдзіцеся на мяне за мае словы, бо я па-сяброўску цёпла стаўлюся да вас, і маё сяброўскае маўчаньне ёсьць горшым за маё вострае слова. Да таго ж, як блоґер, спрабую высьвятляць сытуацыю пазытыўна, але аб’ектыўна, інакш хто мне пасьля будзе верыць.

Моцу й можнасьці нам з вамі!
Хай шчасьціць, і хай Божа нам дапаможа!

Андрэй НІКАЛАЕЎ, беларус
22.10.2006 15:12

Tags: belarus, internet, personal
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 10 comments