Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza) (nicolaev) wrote,
Andrej Ludwik Mikałajeŭ OPs (Wojsza)
nicolaev

Прысвячэнне Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі

«Не губляйце надзеі!»


Qui tenet, teneat.
Хто атрымаў, няхай захавае.

«Маё Безаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам, які прывядзе цябе да Бога».
(Маці Божая ў Фаціме, 13/VI 1917)

«Як не памыляюся ў сваім з'яднанні душы з Богам, Пан наш абяцаў атачыць адмысловаю апекай Партугалію (…), зважаючы на прысвячэнне нацыі праз біскупаў партугальскіх Беззаганнаму Сэрцу Марыі — як довад ласкаў, што будуць удзеленыя іншым нацыям, калі — як і Партугалія — сябе Яму прысвяцяць».
(С. Лусія ад Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі, 2/XII 1940)

«Не губляйце надзеі. Не губляйце надзеі. Але-ж перамога, калі прыйдзе, будзе перамогаю Найсвяцейшай Панны Марыі».
(Прымас Польшчы кс. кард. Аўгуст Глёнд, на ложку Боскім)

«Марым аб нашай краіне, у шчыльнай духоўнай лучнасці біскупаў, святароў, законнікаў і свецкіх прысвечанай Богу і Марыі! Верым, што прысвячэнне Народу і Краю нашага Беззаганнаму Сэрцу Марыі спрычыніцца да перамен у сэрцах людзкіх, да ацалення грамадзтва Рэспублікі Беларусь — праз пакаянне і вяртанне да Бога і Багародзіцы, праз адданасць і вернасць Богу і Багародзіцы, праз працу і малітву з Богам і Багародзіцай. (…) Просім разам з багаславёным Янам Паўлам ІІ: «Няхай яшчэ раз аб’явіцца ў гісторыі свету бясконцая моц міласэрнай Любові! Няхай спыніць зло! Няхай пераменіць сумленні! Няхай у Беззаганным Сэрцы адкрыецца для ўсіх святло Надзеі». Амэн».
(Зварот аб урачыстым прысвячэнні Народу і Краю нашага Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі, 13/V 2012)

«Напрыканцы маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе».
(Маці Божая ў Фаціме, 13/VII 1917
Маці Божая ў Будславе, 6/VII 2013)

У першы тыдзень другога месяца лета адбыліся буйныя ўрачыстасці з нагоды 400-годдзя з'яўлення цудатворнага вобразу Маці Божай у Будславе (вобраз быў створаны ў Рыме ў 1598-ым, а 4 красавіка 1613, каранаваны, замяшкаў у Будславе; літургічная ўрачыстасць МБ Будслаўскай адзначаецца 2 ліпеня, а адмысловы фэст святкуецца з 2012-га ў 1ю пятніцу-суботу ліпеня (сёлета гэна 5-6 ліпеня)). Акрамя ўсіх шаноўных пілігрымаў і госцяў культурнай сталіцы РБ, Багародзіцу ў Ейнай святыні ўшанавала ў пілігрымцы рэліквіяў св. Тэрэза ад Дзіцяткі Ісуса і Найсвяцейшага Аблічча, патронка місый.

У гэтай тэме хочацца паведаміць уласна пра дакананне ў нашым Краі пэўнай з тых місый (справе, якой, нажаль, прыпала замала ўвагі і пашаны нават сярод каталікоў): а менавіта пра прысвячэнне Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі (якое ад нашага імя і ў нашай лучнасці ўчыніў Я.Э. абп. Тадэвуш Кандрусевіч — перад самым Хрыстом у Найсвяцейшым Сакрамэнце, поруч Багародзіцы ў розных вобразах, св. Тэрэзы з Лізьё, нябёсных святых і заступнікаў нашага Краю, у прысутнасці Я.С. Папы Францішка (у постаці даверанай асобы і спецыяльнага легата Рымскага Панціфіка Я.Э. кард. Жана-Луі Таран), ардынарыяў усіх дыяцэзый нашай краіны, шматлікіх беларускіх, польскіх, украінскіх і італьянскіх біскупаў, Апостальскага Візітатара для БГКЦ, асобаў кансэкраваных і некансэкраваных, каталікоў і некаталікоў, прадстаўніка БПЦ і Кальвінаўскай царквы, прадстаўнікоў улады РБ (Прэзідэнта РБ (у постаці Упаўнаважаннага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў) і Старшыні Мінгарвыканкаму) і дыпкорпусу, і багата 'шчэ ў чыёй прысутнасці.

Як мне падаецца, у такім складзе, з такой урачыстасцю Акт прысвячэння гэны можа быць уважаны за сапраўдны і залічаны для нашай краіны і люду ў Небе. Яшчэ пэўным чынам сымбалічна тое, што гэна адбылося ў 1-ую суботу месяца, традыцыйна прысвечаную Сэрцу Марыі, і ў 760-ыя ўгодкі каранавання нашага караля Міндоўга (які да гробу застаўся каталіком і каралём Літвы) і ягонай каралевы Марты. У Беларусі даканалася прысвячэнне нашага Краю Вялікай Літвы Беззаганнаму Сэрцу Марыі, бо 'шчэ раней нашыя тэрэны даканалі гэнага прысвячэння ў Польшчы, Летуве, Латвіі. Бл. Ян Павал ІІ у лучнасці з нашымі папярэднікамі прысвяцілі нас Сэрцу Марыі разам з астатняй «Расіяй» 25/III 1984, а нам у лучнасці з Папам Францішкам — з ласкі Божай — пашанцавала 6/VII 2013 даканаць прысвячэння Сэрцу Марыі змрочнай цвярдыні з найзаборыстым канцэнтратам чырвонай атруты. Хвала Богу праз Багародзіцу!

«Маё Безаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і шляхам»


Падчас «элекцыйнай кампаніі» дзеля трыюмфу Сэрца Беззаганнай у нашай Айчыне давялося сутыкнуцца ня толькі з чалавечым неразуменнем (што зразумела і прадказальна), але і з блюзнерскімі кпінамі (што прадказальна і незразумела). Таму ў першых жа радкох цяперака адмятаючы падобныя інсінуацыі, кажу, што культы Найсвяцейшага Сэрца Ісуса і Беззаганнага Сэрца Марыі ня маюць за сабою ніякай кунсткамеры, нічога ад біялогіі, анатоміі і трансплантацыіі органаў. Набажэнства да Сэрца Марыі — без аніякай нацяжкі ё набажэнствам да самога Ісуса, а ў пэўным набліжэнні — набажэнствам да самога Бога над багамі. Набажэнства-ж да Сэрца Ісуса ё набажэнствам да самога Бога над багамі — без аніякіх нацяжак і набліжэнняў.

Ня бойцеся зблюзнерыць праз гэныя культы, але толькі слушна іх практыкуеце. Як хвала, адданая Сыну, не адбірае хвалы, належнай Айцу, гэнак жа ўшанаванне Сэрца Марыі (не ўласна Дзевы Марыі!) ё ўшанаваннем Сэрца Ісуса. Падобна як хто бачыў Сына — той бачыў і Айца, як Сын — у Айцу, а Айцец у Сыну (пав. Ян 14:9-11), гэнак і той, хто злучыўся з Маці — злучыўся з Сынам, гэнак Яна — ў Ім, і Ён — у Ёй. Хто аддаўся Сэрцу Марыі і паяднаўся з Марыяй, той аддаўся Хрысту, паяднаўся з Ісусам. Там, дзе Сэрца Марыі — там і Сэрца Ісуса, а там, дзе Сэрца Ісуса — там і Сэрца Марыі. Ня бойцеся і верце!

Хто сапраўды любіць ці вучыцца любіць Ісуса — той наследуе Хрыста. Хто любіць ці вучыцца любіць Марыю — той любіць ці вучыцца любіць Хрыста ў Марыі, наследуе Хрыста праз Марыю, наследуе цноты Марыі — асабліва Ейную глыбокую пакору, жывую веру, святую паслухмянасць, нястомную малітву, усебаковую аскезу, Боскую чысціню, Ейную глыбокую міласэрнасць, гераічную цярплівасць, анёльскую асалоду і напраўду Боскую мудрасць.

Марыя — «Святое Мейсца», дзе адліваюцца святыя. Хто ідзе праз Марыю, з Марыяй і ў Марыі, трапляюць да Хрыста ў найдасканальшы спосаб, бо Марыя ё найдасканальшай формаю з усіх формаў пад Богам, і найбольш з усіх форм падобнай і набліжанай да формы Хрыста. Марыя — ўтаямнічаная ў Божыя замыслы — найпрасцейшы, найдасканальшы і найбяспечнейшы з усіх шляхоў да Бога, люстэрка, у якім Бога сузіраем. Выключная роля Марыі ўгрунтаваная ня столькі ў прыватных аб'яўленнях і ня толькі ў Традыцыі, але і ў Св. Пісанні. Варта адзначыць істотна важны момант: дасканалае набажэнства да НПМ насамрэч — не набажэнства да Марыі ў Ісусе, якім зазвычай бачыцца вонкаваму гледачу, але — набажэнства да Ісуса ў Марыі. Гэткім чынам, на практыцы тэза «усё праз Марыю, з Марыяй, у Марыі і для Марыі» азначае адное і толькі «усё праз Ісуса ў Марыі, з Ісусам у Марыі, у Ісусе ў Марыі і для Ісуса ў Марыі»!

Як Айцец удзяляе нам усю магчымую ласку выключна праз Ісуса Хрыста, гэнак жа Ісус Хрыстос удзяляе нам усю магчымую ласку выключна праз Марыю (нават тады, калі нехта лічыць іначай). Няма iншага пасярэднiка памiж Богам i чалавекам, акрамя Хрыста Ісуса, і няма іншага пасярэдніка (іншай пасярэдніцы) паміж Хрыстом Ісусам і чалавекам, акрамя Найсвяцейшай Панны Марыі; і калі мы ўважаем Ісуса Хрыста за Бога-Сына, Бога-Чалавека, дык можам лічыць так сама, што няма іншага пасярэдніка паміж Сынам Чалавечым і сынам чалавечым, акрамя Багародзіцы. Пры тым разумеючы, што Багародзіца Марыя ня ёсь сама па сабе Богам ці адною з Асобаў Бога!!! — але Яна «найвышэйшая» над ўсі стварэнні Боскія, і пры тым — над Ёю Бог-Сын, а над Ім Бог-Айцец.

Св. Ірэней казаў: «Што страціў Люцыфер праз пыху, Марыя адшукала праз пакору. Што Ева згубіла і запрапасціла праз непаслухмянасць, Марыя ўратавала праз паслухмянасць. Слухаючы змія, Ева загубіла сябе разам з усімі дзіцямі сваімі і выдала іх у рукі шатана. Марыя праз сваю дасканалую вернасць Богу ацаліла сябе і ўсіх сваіх дзетак, і пасвяціла іх Божаму Маестату». А ўтропы кажа св. Людвік дэ Манфор: «Звяртаюся да Цябе, мой наймілейшы Езу, з сардэчным жалем перад Тваім Маестатам за тое, што большасць хрысцянаў, нават сярод вельмі абазнаных, не разумее, наколькі неабходна, лучнасці, што існуе паміж Табою і Тваёй святой Маткаю» («Трактат аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Дзевы» (па-беларуску, po polsku)).

Параіўшы яшчэ вам старую кніжыцу кс. Мікалая Нормана «Прысвячэнне сябе Найсвяцейшай Багародзіцы» (по-русски) і буйны дайджэст іншамоўных спасылак па тэме Сэрцаў Ісуса і Марыі, ніжэй — у нашай тутэйшай мове (!!!), наколькі магчыма «каротка» (канспектыўна і без прафанацыі) — даўшы слова майму святому патрону Людвіку (у тытанічным паводле працы перакладзе з французскай мовы с. Марыі-Дамінікі OPs), жадаю давесці да абранага чытача сутнасць і плёны сапраўднага набажэнства да Сэрца Марыі і прыадчыніць таямніцу Беззаганнай Багародзіцы.

Таямніца Марыі


«Таямніца Марыі» (PDF)
Св. Людвік дэ Манфор

«Усё зводзіцца да таго, каб знайсці дзейсны сродак атрымаць у Бога неабходную ласку, каб стаць святым; і гэта менавіта тое, чаму я хачу цябе навучыць. І я кажу: каб знайсці ласку Божую, трэба знайсці Марыю. (…) Ён стварыў свет дзеля блаславёнага чалавека, гэта рай; але Ён стварыў другі свет дзеля Сябе, якому даў імя Марыя; свет, невядомы амаль што ўсім смяротным тут, на зямлі, і незразумелы нікому з анёлаў і блаславёных у небе, якія, у захапленні бачучы Бога, такога ўзвышанага і аддаленага ад іх, такога адасобленага і схаванага ў сваім свеце, боскай Марыі, усклікаюць удзень і ўначы: «Святы, Святы, Святы!»» (6,19).

«Шчаслівая і тысячакроць шчаслівая душа на зямлі, якой Святы Дух адкрыў сакрэт Марыі, каб ведаць яго, і якой Ён адкрывае гэты замкнёны сад, каб у яго увайсці, і гэтую запячатаную крыніцу, каб чэрпаць з яе і піць вялікімі глыткамі жывую ваду ласкі! Гэтая душа знойдзе ў тым умілаваным стварэнні аднаго толькі Бога, без іншых стварэнняў; але Бог у той жа самы час бясконца святы і ўзвышаны, бясконца паблажлівы і адпаведны яе слабасці. Паколькі Бог паўсюль, Яго можна знайсці паўсюль, нават у пекле; але няма месца, дзе стварэнне магло б знайсці Яго бліжэй і адпаведней сваёй слабасці, чым у Марыі, бо менавіта дзеля гэтага Ён зышоў з Неба. Паўсюль у іншых месцах Ён Хлеб моцных і анёлаў; але ў Марыі Ён — Хлеб дзяцей» (20).

«Не трэба згаджацца ў меркаванні з тымі, хто памылкова ўяўляе, што, калі Марыя з'яўляецца стварэннем, Яна будзе замінаць яднанню з Творцам: гэта ўжо не Марыя жыве, гэта сам Езус Хрыстус, гэта сам Бог жыве ў Ёй. Яе пераўтварэнне ў Бога перавышае пераўтварэнне Святога Паўла і іншых святых так, як неба перавышае зямлю. Марыя створаная толькі дзеля Бога і не затрымоўвае дзеля Сябе ніводнай душы, а, наадворот, адразу змяшчае яе ў Бога і яднае з Ім з яшчэ большай дасканаласцю — так, што душа яшчэ больш яднаецца з Ёй. (…) Калі б заблукалыя, што былі няшчасна падманутыя дэманам нават у малітве, змаглі знайсці Марыю, а праз Марыю — Езуса, а праз Езуса — Бога, яны б не ўчынілі такіх жудасных аблудаў. Як толькі душа знаходзіць Марыю, а праз Марыю — Езуса, а праз Езуса — Бога-Айца, яна знаходзіць усе даброты.

Гэта не азначае, што той, хто знайшоў Марыю праз сапраўднае набажэнства, будзе пазбаўлены крыжа і пакутаў; ён падлягае гэтаму больш, чым хто-кольвечы іншы, таму што Марыя, Маці жывых, дае ўсім сваім дзецям кавалачкі Дрэва жыцця, якім з'яўляецца крыж Езуса, але, падбіраючы ім добры крыж, Яна дае ім ласку несці яго цярпліва і нават радасна, такім чынам, што крыж, які Яна дае тым, хто Ёй належыць, — гэта больш прысмакі і цукеркі, чым горкі крыж, альбо, калі яны адчуваюць у нейкі момант горыч келіху, які трэба абавязкова выпіць, каб быць сябрам Бога, суцяшэнне і радасць, якія дае пасля смутку гэтая добрая Маці, бясконца іх ажыўляюць, каб несці яшчэ больш цяжкі і горкі крыж» (21-22).

«Трэба выбраць адметны дзень, каб аддаць сябе, прысвяціць і ахвяраваць дабраахвотна і з любові, без боязі, цалкам, не пакідаючы нічога сабе, сваё цела і сваю душу; свае вонкавыя матэрыяльныя даброты — такія, як хата, сям'я і заробак; унутраныя даброты душы, умельствы: заслугі, ласкі, цноты і задавальненні. Тут трэба заўважыць, што праз гэтае набажэнства робіцца ахвяра Езусу праз Марыю з усяго, што душа мае найдаражэйшага і чаго ніводная рэлігія не патрабуе ахвяраваць, з правам распараджацца самым сабой і вартасцю сваіх малітваў, ахвяраў, аскезаў і задавальненняў; усё аддаецца ў поўнае распараджэнне Святой Дзевы, каб усё рабіць згодна з Яе воляй дзеля большай хвалы Бога, якую толькі Яна ведае дасканала.

Душа аддае ў Яе распараджэнне ўсю задавальняльную і набытую вартасць сваіх добрых учынкаў: такім чынам, пасля ўчыненага ахвярапрыношання, хаця і без аніякага зароку, душа ўжо не з'яўляецца больш уласніцай усяго ўчыненага ёю дабра; але Найсвяцейшая Дзева можа скарыстаць гэта або дзеля якой-небудзь душы ў чыстцы, каб аблегчыць яе пакуты ці вызваліць, або дзеля якога-небудзь беднага грэшніка, каб яго навярнуць. Праз гэтае набажэнства душа складае свае заслугі ў рукі Святой Дзевы. Але гэта дзеля таго, каб іх захаваць, памножыць, упрыгожыць, бо мы не можам перадаць адзін аднаму ані заслугі асвячальнай ласкі, ані хвалы…

Душа аддае Ёй задавальняльную і набытую вартасць сваіх малітваў і добрых учынкаў, каб іх размяркоўваць і даваць тым, каму Яна захоча; і, калі пасля таго, як душа прысвеціць сябе Святой Дзеве, яна захоча аблегчыць пакуты якой-небудзь душы ў чыстцы, выратаваць якога-небудзь грэшніка, падтрымаць малітвай, ахвяраваннем, аскезай, ахвярай аднаго з сваіх сяброў, трэба пакорліва прасіць Яе аб гэтым і прыняць тое, што Яна вырашыць, не ведаючы пра гэта; і быць перакананым, што вартасць нашых учынкаў размяркоўваецца той самай рукой, якой Бог паслугоўваецца, каб даць нам свае ласкі і дары, выкарыстоўваецца дзеля Яго найвялікшай хвалы» (29-31).

«Ісці да Езуса праз Марыю — гэта сапраўднае ўшанаванне Езуса Хрыста, бо такім чынам мы падкрэсліваем, што не годныя самастойна наблізіцца да Яго бясконцай святасці па прычыне нашых грахоў, і нам патрэбная Марыя, Яго святая Маці, каб быць нашай заступніцай і пасярэдніцай перад Ім, нашым Пасярэднікам. Гэта адначасова наблізіцца да Яго як да нашага пасярэдніка і брата і ўпакорыцца перад Ім як перад нашым Богам і суддзёй — адным словам, гэта азначае практыкаваць пакору, якая заўсёды захапляе Сэрца Бога» (36).

«Добры Божа, наколькі малое тое, што мы робім! Але аддайма ўсё ў рукі Марыі праз гэтае набажэнства. Калі мы будзем цалкам адданыя Ёй, наколькі гэта магчыма, вызваляючыся ад усяго ў Яе гонар, Яна будзе да нас нязмерна зычлівая, Яна дасць нам у сто разоў больш, Яна цалкам аддасць нам сябе самую разам са сваімі заслугамі і цнотамі» (38).

«Аддаць сябе такім чынам Святой Дзеве азначае практыкаваць на самым высокім узроўні любоў да бліжняга, бо дабраахвотна быць Яе палонным азначае аддаць Ёй самае найдаражэйшае, што мы маем, каб Яна магла распараджацца гэтым так, як Яна захоча, на карысць жывых і памерлых» (39).

«Менавіта гэтае набажэнства забяспечвае нашыя ласкі, заслугі і цноты, робячы Марыю іх захавальніцай, кажучы Ёй: «Трымай, мая дарагая Валадарка, вось усё, што праз ласку Твайго Сына я зрабіў добрага; я няздольны іх захаваць па прычыне маёй слабасці і зменлівасці, па прычыне вялікай колькасці і злосці маіх ворагаў, якія меня атакуюць удзень і ўначы. На жаль! (…) Я добра ведаю, хто Ты такая, таму цалкам давяраюся Табе; Ты верная Богу і людзям, і Ты не дазволіш, каб згінула нешта з таго, што я Табе даверыў; Ты магутная, і нішто не можа ані пашкодзіць Табе, ані захапіць тое, што ў тваіх руках»» (40).

«Гэтае набажэнства робіць душу сапраўды вольнай воляй дзяцей Божых. Паколькі дзеля любові да Марыі душа стаецца нявольніцай, гэтая дарагая Валадарка з удзячнасці пашырае і павялічвае сэрца і дапамагае ісці гіганцкімі крокамі па шляху Божых прыказанняў. (…) Каб зацвердзіць гэтае набажэнства, спатрэбілася б пералічыць тут усе булы і індульгенцыі папаў і пастырскія пасланні біскупаў, напісаныя на яго карысць, брацтвы, заснаваныя ў яго гонар, прыклад шматлікіх святых і вялікіх, якія яго практыкавалі; але я абыходжу ўсё гэта маўчаннем» (41-42).

«Я сказаў ужо, што змест гэтага набажэнства ў тым, каб рабіць усё з Марыяй, у Марыі, праз Марыю і дзеля Марыі. Не досыць адзін раз аддаць сябе Марыі ў якасці нявольніка; не досыць нават рабіць гэта кожны месяц і кожны тыдзень: гэта было б нетрывалае набажэнства, і яно не ўзняла б душу да такой дасканаласці, да якой здольнае яе ўзняць. Няцяжка ўступіць у якое-небудзь брацтва, абраць гэтае набажэнства і прамаўляць уголас некалькі малітваў кожны дзень, як гэта прадпісана; але вельмі цяжка ўвайсці ў дух гэтага набажэнства, змест якога ў тым, каб душа сталася ўнутрана залежнай і нявольніцай Святой Дзевы і Езуса праз Яе» (43-44).

«Галоўнае практыкаванне гэтага набажэнства ў тым, каб усё рабіць з Марыяй, гэта значыць, абраць Марыю за гатовы прыклад усяго, што трэба рабіць. Таму, перш чым за нешта ўзяцца, трэба адмовіцца ад самога сябе і сваіх найлепшых поглядаў; трэба ўпакорыцца перад Богам, як той, хто няздольны да якога-кольвек звышнатуральнага дабра і якой-кольвек справы, карыснай для збаўлення; трэба звярнуцца да Святой Дзевы і з'яднацца з Ёй у Яе інтэнцыях, нават калі яны на м невядомыя; трэба праз Марыю з'яднацца з інтэнцыямі Езуса Хрыста, гэта значыць, стацца начыннем у руках Найсвяцейшай Дзевы, каб Яна дзейнічала ў нас, праз нас і дзеля нас так, як Ёй гэта здасца найлепшым дзеля большай хвалы Яе Сына, а праз Яе Сына — дзеля хвалы Айца; такім чынам, каб жыць унутраным жыццём і брацца за духоўную справу толькі залежачы ад Яе» (45-46).

«Трэба ісці да нашаго Госпада толькі праз Яе заступніцтва і ўплыў, які Яна мае на Яго, i, такім чынам, душа ніколі не будзе адна ў малітве да Яго. Трэба рабіць усе свае справы дзеля Марыі, гэта значыць, што душа, з'яўляючыся нявольніцай гэтай велічнай Каралевы, павінна працаваць толькі дзеля Яе, толькі на Яе карысць, толькі дзеля Яе хвалы як найбліжэйшай мэты і дзеля хвалы Божай як апошняй мэты» (48-49).

«Асцерагайся, прызначаная душа, таго, каб верыць, што найбольш дасканала — ісці непасрэдна да Езуса, непасрэдна да Бога ў сваіх дзеяннях і намерах; калі ты хочаш ісці да іх без Марыі, твае дзеянні, твае намеры не будуць мець вялікай вартасці; але, ідучы праз Марыю, ты будзеш мець у сабе дзеянне Марыі, і, такім чынам, яно будзе больш узнёслым і больш вартым Бога. Апроч таго, асцерагайся гвалтам змушаць сябе адчуць і пакаштаваць тое, што ты робіш і кажаш: кажы і рабі ўсё з чыстай верай, якую Марыя мела на зямлі, якую Яна ўдзеліць і табе з цягам часу.

Яшчэ асцерагайся турбавацца праз тое, што не адчуваеш адразу пяшчотнай прысутнасці Святой Дзевы ў сваёй душы. Гэтая ласка даецца не ўсім; і, калі Бог дорыць гэта душы праз сваю вялікую міласэрнасць, душа можа вельмі лёгка яе згубіць, калі будзе вернай таму, каб часта аддавацца ўнутранай малітве; і, калі табе надарылася гэтае няшчасце, пакорліва вярніся і ўчыні ганаровую ахвяру сваёй Валадарцы» (50-52).

«Гэтае набажэнства, верна практыкаванае, прыносіць шматлікія плады ў душы. Але галоўны дар, якім валодае душа, — усталяваць у душы жыццё Марыі такім чынам, каб гэта ўжо не душа жыла, але Марыя ў ёй, дзе душа Марыі стаецца яе душой. Тады, калі праз ласку, невыказную, але сапраўдную, боская Марыя стаецца Каралевай у душы, якія ж цуды Яна тады там чыніць? Паколькі Яна стваральніца вялікіх цудаў, асабліва ў душы, Яна працуе там таямнічым чынам, незаўважна нават дзеля самой душы, якая сваім веданнем можа разбурыць хараство Яе працы» (55).

«Шчаслівая душа, у якой Марыя, Дрэва жыцця, пусціла свае карані; яшчэ больш шчаслівая тая, у якой Яна ўзрасла і зацвіла; вельмі шчаслівая тая, у якой Яна прыносіць свой плод; але найшчаслівейшая за ўсіх тая, што каштуе і захоўвае Яе плод да смерці і на вякі вякоў. Амэн. Qui tenet, teneat. Хто атрымаў, няхай захавае» (78).

«Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе!»




«Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі падчас святкавання юбілею 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Маці Божай у Будслаў» (video)
(Будслаў, 6 ліпеня 2013 г.)

Тыя з вас дабрашчасныя, хто некалі чынна ўзялі пэўны ўдзел у «элекцыйнай кампаніі» Хрыста ў Марыі, і тыя, хто скарысталіся з шанцу, падпісаўшы Зварот аб урачыстым прысвячэнні Народу і Краю нашага Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі, бо займелі ў Пана і ў Панны ласку ў Небе і на зямлі — такую, што і ўявіць сабе ня можна, хай Айцец вам шчодра адудзячыць, і родным вашым, і вашай Айчыне; нашыя вам віншаванні — для ўсё большай хвалы Бога праз Багародзіцу.

Але-ж і тыя, хто летась не пажадалі, ці ня мелі магчымасці падпісацца пад той Зварот, сёння маюць шанец атрымаць Пану вядомыя ласкі, «падпісаўшы» у духу ўласным імём Акт прысвячэння Беларусі Сэрцу Марыі, пабожна і ўзнёсла адмовіўшы Акт уласна цяпер разам з ніжэйпададзенай ахвяравальнай малітваю, склаўшы ў такі няхітры спосаб Хрысту праз Марыю Пану вядомую ахвяру з сябе і ўсяго «свайго». Рэлігійная прыналежнасць, як і раней, ролі не адыграе — важна асабістае прагненне і душэўная згода. Бо калі хтось аддае сябе Богу праз Багародзіцу — гэна сам Дух Святы вяртае абранца Пану.

«Божае Сэрца Езуса, ахвярую Табе праз Беззаганнае Сэрца Марыі ўсе малітвы, справы, працу і крыж сённяшняга дня, як перапрашэнне за грахі мае. Далучаю іх да ўсіх тых інтэнцый, з якімі Ты за нас ахвяраваўся на Крыжы і пастаянна ахвяруеш Сябе на алтары. Ахвярую Табе іх за святы Касцёл, за Айца Святога і ў інтэнцыях сённяшняга дня, а таксама ў інтэнцыях нашай парафіі, сям’і, святароў і маіх родных — жывых і памерлых. Прагну таксама атрымаць усе магчымыя адпусты і ахвярую іх за душы ў чысцы. Амэн»

А ў далейшым — як толькі ўзгадаем, асабліва ўвечары і зрання — прынамсі проста абуджайма ў думках і словах шчыры ахвярны намер накшталт: «Я ўвесь Твой, о мой Езу, а ўсё, што маю, меў і мецьму — Табе належыць, праз Тваю найсвяцейшую Маці і маю наймілейшую Маму, Пані і Каралеву».

Не вымагаем новае малітвы, але — малітвы па-новаму! Аднаўляючы шлюбы Святога Хросту, выракаючыся назаўжды Шатана, ягонай САМасці, пыхі, спраў і чынаў, аддаючы сябе з усёй САМасцю і ўласнасцю свайму Пану ў сваёй Пані. Вялікае пачынаецца з малога, выправа — з першых крокаў. Трэба максімальна выракчыся «сваяго», аддаўшыся Ейнаму.

Прыймаць, прыймаць, прыймаць… Аддаваць, аддаваць, аддаваць… Прапускаць Яго праз Яе і праз сябе — ня ў «свой», але ўжо ў Ягоны і Ейны свет. Ахвяруйма для Сэрца Марыі ў Сэрцы Марыі [ў інтэнцыях Сэрца Марыі] колькі зможам — хоць патроху, але свядома і рэгулярна. З Духам Святым, з Богам у Багародзіцы +

«Напрыканцы маё Беззаганнае Сэрца затрыюмфуе»


Бог жыве з намі на Беларусі
Ў Сэрцы Марыі — ў Сэрцы Ісуса!
Na Białorusi z nami BÓG ŻYJE —
W Sercu Jezusa, w Sercu Maryi!

Марыя, наша Маці Будслаўская, зірні міласердна на нас, як на пілігрымаў, выпрасі нам у свайго Сына Ісуса Хрыста ласку вытрывання ў пілігрымцы да Твайго трону і ў пілігрымцы нашага жыцця, каб не выракліся крыжа і, моцныя верай, надзеяй і любоўю, з ім праляцелі, прабеглі і прайшлі праз усё жыццё — з Табою, у Табе, праз Цябе — для Хрыста, да Ісуса. А як неўзабаве пад цяжарамі ўжо ня ў моцы ані ляцець, ані бегчы, ані ісці — дык каб паўзлі. А як ня зможам і паўзці — дык хоць легчы ў Тваім кірунку, Яго сузіраючы. Амэн, хай гэтак будзе!

«Памятай, спагадлівая і ласкавая Пані, пра свой народ, які прысвячае сябе Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Узглянь на яго сваім міласэрным позіркам і выслухай. (…) Маці Божая! Абяцаем учыніць усё дзеля таго, каб наша Айчына была сапраўдным Валадарствам Тваім і Твайго Сына Езуса Хрыста, каб яна знаходзілася пад Тваім панаваннем і апекаю ў асабістым, сямейным, нацыянальным і грамадскім жыцці ўсіх яе жыхароў. (…)

Маці Божая Будслаўская, абяцаем Табе! (…) О Марыя, праслаўленая ў цудатворным будслаўскім абразе, прымі гэтыя нашыя абяцанні і нашае ахвяраванне Твайму Беззаганнаму Сэрцу, умацуй іх у нашых сэрцах і занясі да трону Твайго Сына. Табе і Твайму Беззаганнаму Сэрцу давяраем сябе, у Твае рукі складаем нашу сучаснасць і будучыню, наша асабістае жыццё і лёс нашай Бацькаўшчыны…».

(люд Беларусі ў Будславе, 6/VII 2013)

Як адазваўся быў Арагорн да сваіх ваяроў перад чорнаю брамай Мордару і чорнаю хмарай нелюдзяў: «Мои братья! Я вижу в ваших глазах тот же страх, который сжимал моё сердце. Возможно, наступит день, когда мужество оставит род людей, и мы предадим друзей и разорвём все узы дружбы, но только не сегодня! Может быть, придёт час волков, когда треснут щиты и настанет закат эпохи людей, но только не сегодня! Сегодня мы сразимся за всё, что вы любите на этой славной земле! Зову вас на бой, люди Запада!». Кароль вярнуўся, і з Ім — Каралева. Ня бойцеся і верце!

Tags: belarus, cruciata, dominican, internet, legio, liga, litvania, military, personal
Subscribe

  • Циклон

    Оригинал взят у [ Error: Irreparable invalid markup ('<lj [...] /">') in entry. Owner must fix manually. Raw contents below.] <IMG…

  • 28.08.15. 09-19:00. Выстава паўночнага вінаграду ў Менску

    Хачу запрасіць шаноўных чытачоў на штогадовую вінаградную выставу : ) ў Менску, якую арганізуе клуб "Паўночны вінаград", якая мае адбыцца ў…

  • Горно пониження

    «Мій сину, як приступаєш служити Господеві, приготуй свою душу на спокуси. Будь серцем праведний і постійний, а в нещасті - не бентежся. Пристань…

  • Post a new comment

    Error

    Anonymous comments are disabled in this journal

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

  • 13 comments

  • Циклон

    Оригинал взят у [ Error: Irreparable invalid markup ('<lj [...] /">') in entry. Owner must fix manually. Raw contents below.] <IMG…

  • 28.08.15. 09-19:00. Выстава паўночнага вінаграду ў Менску

    Хачу запрасіць шаноўных чытачоў на штогадовую вінаградную выставу : ) ў Менску, якую арганізуе клуб "Паўночны вінаград", якая мае адбыцца ў…

  • Горно пониження

    «Мій сину, як приступаєш служити Господеві, приготуй свою душу на спокуси. Будь серцем праведний і постійний, а в нещасті - не бентежся. Пристань…